Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яна, гэта выхваленая асвечанасць! Граша ломанага не дам я за вашу асвечанасць!

— Аднак, як вы дрэнна спрачаецеся, Афрыкан Семёныч! — заўважыла Дар'я Міхайлаўна, унутрана вельмі задаволеная рахманасцю і тонкай ветлівасцю новага свайго знаёмага. "C'est un homme comme іl faut"[1], падумала яна з добраахвотнай увагай зірнуўшы ў твар Рудзіну. "Трэба яго прыгалубіць". Гэтыя апошнія словы яна ў думках сказала па-руску.

— Асвечанасць я абараняць не стану, — зноў сказаў, памаўчаўшы крыху, Рудзін; — ёй непатрэбна мая абарона. Вы яе не любіце... У кожнага свой густ. Прытым, гэта завяло-б нас вельмі далёка. Дазвольце вам толькі напамянуць старую прыказку: "Юпітэр, ты злуешся: значыць, ты вінаваты". Я хацеў сказаць, што ўсе гэтыя нападкі на сістэмы, на агульныя разважанні і т. д. таму асабліва засмучаюць, што разам з сістэмамі людзі не прызнаюць наогул веды, навуку і веру ў яе, а значыць, і веру ў саміх сябе, у свае сілы. А людзям патрэбна гэтая вера: ім няможна жыць аднымі ўражаннямі, ім грэшна баяцца думкі і не давяраць ёй. Скептыцызм заўжды вызначаўся бясплённасцю і бяссіллем...

— Гэта ўсё словы! — прамармытаў Пігасаў.

— Магчыма. Але дазвольце вам заўважыць, што, кажучы: "гэта ўсё словы!" — мы часта самі жадаем адчапіцца ад неабходнасці сказаць што-небудзь больш путнае за гэтыя словы.

— Чаго-с? — спытаў Пігасаў і прыжмурыў вочы.

— Вы зразумелі, што я хацеў сказаць вам, — адказаў з мімавольнай, але зараз-жа стрыманай нецярплівасцю Рудзін. — Паўтараю, калі ў чалавека

  1. Гэта чалавек, як належыць (фр.).