Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Міхайла Міхайлыч Лежнёў прыехалі, — паведаміў дварэцкі: — загадаеце прыняць?

— Ах, божа-ж мой! — усклікнула Дар'я Міхайлаўна: — вось лёгкі на ўспаміне. Прасі!

Дварэцкі вышаў.

— Такі дзівак, прыехаў нарэшце, але і тут не да ладу: нашу гутарку перапыніў.

Рудзін падняўся з месца; але Дар'я Міхайлаўна яго застанавіла:

— Куды-ж вы? Мы можам размаўляць і пры вас. А я жадаю, каб вы і яго азначылі, як Пігасава. Калі вы гаворыце, vous gravez comme avec un burin[1]. Застаньцеся.

Рудзін хацеў было нешта сказаць, але падумаў і застаўся.

Міхайла Міхайлыч, ужо знаёмы чытачу, увайшоў у габінет. На ім было тое самае шэрае паліто, і ў загарэлых руках ён трымаў тую самую старую шапку. Ён спакойна пакланіўся Дар'і Міхайлаўне і падышоў да чайнага стала.

— Нарэшце-ж вы наведалі нас, мос'ё Лежнеў! — праказала Дар'я Міхайлаўна. — Прашу садзіцца. Вы, я чула, знаёмы, — дадала яна, паказваючы на Рудзіна.

Лежнёў зірнуў на Рудзіна і неяк дзіўна ўсміхнуўся.

— Я ведаю пана Рудзіна, — прамовіў ён з кароткім паклонам.

— Мы разам былі ва універсітэце, — заўважыў упоўголаса Рудзін і апусціў вочы.

— Мы і пасля сустракаліся, — холадна праказаў Лежнёў.

Дар'я Міхайлаўна паглядзела з нейкім здзіўленнем на абодвух і папрасіла Лежнёва сесці. Ён сеў.

  1. Вы гравіруеце, як разцом (фр.)-