Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

што ёй прысылаў француз-кнігарнік з Пецербурга, выключаючы, зразумела, раманы Дзюма-фіса і Комп. Гэтыя раманы Дар'я Міхайлаўна чытала сама. M-lle Boncourt асабліва строга і кісла пазірала праз акуляры свае, калі Наталья чытала гістарычныя кнігі: на погляд старой францужанкі, уся гісторыя была напоўнена недапушчальнымі рэчамі, хаця яна сама з вялікіх герояў старадаўнасці ведала, чамусьці, толькі аднаго Камбіза, а з навейшых часоў — Людовіка XIV і Напалеона, якога зусім не выносіла. Але Наталья чытала і такія кнігі, існаванне якіх m-lle Boncourt не падазравала: яна ведала напамяць усяго Пушкіна...

Наталья злёгку пачырванела пры сустрэчы з Рудзіным.

— Вы ідзеце гуляць? — запытаў ён яе.

— Так. Мы ідзем у сад.

— Можна ісці з вамі?

Наталья зірнула на m-lle Boncourt.

— Mais certainement, monsieur avec plaisir[1], — спешна праказала старая дзева.

Рудзін узяў капялюш і пайшоў разам з імі.

Натальі было спачатку нязручна ісці побач з Рудзіным па адной сцежцы, потым ёй крыху лягчэй зрабілася. Ён пачаў распытваць пра яе заняткі, пра тое, як ёй падабаецца вёска. Яна адказвала крыху нясмела, але без паспешлівай дзіклівасці, якую так часта і выдаюць і прымаюць за саромлівасць. Сэрца ў яе білася.

— Вам не нудна ў вёсцы? — запытаў Рудзін, акідваючы яе бакавым зрокам.

— Як можна нудзіцца ў вёсцы? Я вельмі рада, што мы тут. Я тут вельмі шчасліва.

  1. Канечна, судар, з прыемнасцю (фр.).