Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/88

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Алексееўны, я не буду гаварыць лішніх слоў; але вы звярніце ўвагу на вашага брата.

— На майго брата! А што?

— Ды паглядзіце на яго. Хіба вы нічога не прыкмячаеце.

Александра Паўлаўна панурылася.

— Гэта праўда, — праказала яна: — верна... брат... з некаторага часу я яго не пазнаю... Але няўжо вы думаеце...

— Ціха! ён, здаецца, ідзе сюды, — сказаў шопатам Лежнёў. — А Наталья не дзіця, паверце мне, хаця, на жаль, даверліва як дзіця. Вы ўбачыце, гэта дзяўчынка задзівіць усіх нас.

— Якім гэта чынам?

— А вось якім чынам... Ці ведаеце вы, што якраз такія дзяўчынкі топяцца, атручваюцца і гэтак далей? Вы не глядзіце, што яна такая ціхая: жаданні ў яе моцныя, і характар таксама ой-ёй!

— Ну, ужо гэта, мне, здаецца, вы ў паэзію ўдаецеся. Такі флегматык, як вы, мабыць і мяне параўнаеце з вулканам.

— Ну, не! — прагаварыў з усмешкай Лежнёў. — А што да характару, — у вас, слава богу, характару зусім няма.

— Гэта што яшчэ за дзёрзкасць?

— Гэта? Гэта найвялікшы камплімент, што вы!..

Валынцэў увайшоў і падазрона паглядзеў на Лежнёва і сястру. Ён схудаў за апошні час. Яны абое загаварылі з ім; але ён ледзь усміхаўся ў адказ на іх жарты і глядзеў, як выказаўся пра яго аднойчы Пігасаў, — сумным зайцам. Аднак, мабыць, не было яшчэ на свеце чалавека, які, хоць раз у жыцці, не глядзеў яшчэ горш за таго. Валынцэў адчуваў, што Наталья ад яго аддалялася, а разам з ёю, здавалася, і зямля бегла ў яго з-пад ног.