Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/89

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
VII

На другі дзень была нядзеля, і Наталья позна ўстала. Напярэдадні яна была вельмі маўкліва да самага вечара, цішком стыдалася слёз сваіх і вельмі дрэнна спала. Седзячы, поўадзетая перад сваім маленьким фартэп'яна яна і брала акорды, ледзь чутныя, каб не абудзіць м-lle Boncourt, і прыпадала ілбом да халодных клавішаў і доўга аставалася нерухомай. Яна ўсё думала — не пра самога Рудзіна, але пра якое-небудзь слова, ім сказанае, і акуналася ўся ў сваю думу. Зрэдку прыходзіў ёй Валынцу на ўспамін. Яна ведала, што ён яе любіць. Але думка яе зараз-жа яго пакідала.. Дзіўнае яна адчувала хваляванне. Раніцою яна спешна адзелася, сышла ўніз, і, прывітаўшыся з сваёй мацер'ю, улучыла момант і пайшла адна ў сад... Дзень быў гарачы, светлы, прамяністы дзень, не гледзячы на перападаўшыя дожджыкі. Па ясным небе плаўна нясліся, не засланяючы сонца, нізкія, дымлівыя хмары і, часам, пасылалі палям вялікія патокі раптоўнай, імгненнай залевы. Буйныя, бліскучыя каплі сыпаліся шпарка, з нейкім сухім шумам, нібы алмазы; сонца іграла скрозь іх мітуслівую сетку; трава, яшчэ нядаўна ўсхваляваная ветрам, не шавялілася, прагна паглынаючы вільгаць; акропленыя дрэвы томна трапяталі ўсімі сваімі лісточкамі; птушкі не пераставалі спяваць, і радасна было слухаць іх балбатлівае шчабятанне пры свежым гуле і грукаце прабягаўшага дажджу. Пыльныя шляхі курэлі і злёгку пярэсціліся пад рэзкімі ўдарамі частых брызгаў. Але вось, хмарка пранеслася, запырхаў ветрык, смарагдам і золатам пачала зіхацець трава... Прыліпаючы адно да аднаго, празрысцілі лісты дрэваў... Моцны пах падняўся адусюль...