Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

"Эге! ды і ты куртаты!" падумаў Пігасаў; а ў Натальі душа замерла ад страху. Дар'я Міхайлаўна доўга з неўразуменнем паглядзела на Валынцэва і, нарэшце, першая загаварыла: пачала расказваць пра нейкага незвычайнага сабаку яе прыяцеля, міністра N. N...

Вылынцэў паехаў неўзабаве пасля абеда. Развітваючыся з Натальей, ён не сцярпеў і сказаў ёй:

— Чаму вы так збянтэжаны, бы вінаваты, Вы ні перад кім не можаце быць вінаватаю!..

Наталья нічога не зразумела, і толькі паглядзела яму ўслед. Перад чаем Рудзін падышоў да яе, і, нахіліўшыся над сталом, нібы разбіраючы газеты, шапнуў:

— Усё гэта як сон, праўда? Мне абавязкова трэба бачыць вас на адзіноце... хаця хвіліну. — Ён звярнуўся да m-lle Boncourt. — Вось, — сказаў ён ёй: — той фельетон, які вы шукалі, — і, зноў нахіліўшыся да Натальі, дадаў шэптам: — пастарайцеся быць каля дзесятай гадзіны каля тэрасы, у бэзавай альтанцы: я буду чакаць вас...

Героем вечара быў Пігасаў. Рудзін уступіў яму месца бойкі. Ён дужа пацяшаў Дар'ю Міхайлаўну; спачатку ён расказваў пра аднаго свайго суседа, які, знаходзячыся пад абсацам сваёй жонкі, да таго абабіўся, што, пераходзячы аднойчы, у прысутнасці Пігасава, маленькую лужыну, занес назад рукі адвëў у бок полы сурдута, як жанчыны гэта робяць з сваімі спадніцамі. Потым ён звярнуўся да другога памешчыка, які спачатку быў масонам, потым меланхолікам, потым жадаў быць банкірам.

— Як-жа гэта вы былі масонам, Філіп Сцяпаныч? — спытаў яго Пігасаў.