Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Рудзін кінуўся да яе, узяў яе за рукі. Яны былі халодныя, як лёд.

— Наталья Алексееўна! — загаварыў ён трапятлівым шэптам: — я хацеў вас бачыць... Я не мог дачакацца заўтрашняга дня. Я павінен вам сказаць, чаго я не падазраваў, чаго я не сазнаваў нават сёння раніцой: я кахаю вас!..

Рукі Натальі слаба здрыганулі ў яго руках.

— Я кахаю вас, — паўтарыў ён: — І як я мог так доўга ашуквацца, як я даўно не здагадаўся, што кахаю вас!.. А вы?.. Наталья Алексееўна, скажыце, вы?..

Наталья ледзь пераводзіла дух.

— Вы бачыце, я прышла сюды, — прагаварыла яна нарэшце.

— Не, скажыце, вы любіце мяне?

— Мне здаецца... так.. — прашаптала яна.

Рудзін яшчэ мацней сціснуў яе рукі і хацеў было прыціснуць яе да сябе...

Наталья быстра азірнулася.

— Пусціце мяне, — мне страшна — мне здаецца, нехта нас падслухвае... На ўсё святое, будзьце асцярожны. Валынцэў дагадваецца.

— Бог з ім! Вы бачылі, я і не адказваў яму сёння... Ах, Наталья Алексееўна, як я шчаслівы! Цяпер ужо нічога нас не разлучыць!

Наталья зірнула яму ў вочы.

— Пусціце мяне, — прашаптала яна: — мне пара.

— Адна хвіліна, — пачаў Рудзін...

— Не, пусціце, пусціце мяне...

— Вы нібыта мяне баіцеся.

— Не, але мне пара...

— Так паўтарыце, хаця-б, яшчэ раз...

— Вы гаворыце, вы шчаслівы? — спытала Наталья.