Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ну, а які ён? вялікі? — пытаўся ён пра бусла, адбіваўшага на стоўпе гультайскі барабанны гук.

І пры гэтым хлопчык рассоўваў рукі. Ён рабіў гэта звычайна пры падобных пытаньнях, а дзядзька Максім казаў яму, калі трэ’ было затрымацца. Цяпер ён зусім расставіў свае маленечкія ручкі, але дзядзька Максім сказаў:

— Не, ён яшчэ куды большы. Калі-б яго прывясьці ў пакой і паставіць на падлозе, дык галава яго была-б вышэй, як усё крэсла.

— Вялікі… — задумліва сказаў хлопчык. — А малінаўка — вось! — і ён чутачку расставіў стуленыя разам далоні.

— Але, малінаўка гэткая… Затое вялікія птушкі ніколі не пяюць гэтак добра, як маленечкія. Малінаўка стараецца, каб усім было прыемна яе слухаць. А бусел — сур’ёзная птушка, стаіць сабе на аднэй назе ў гнязьдзе, азіраецца навакола, быццам злы гаспадар на работнікаў, і гучна гурчыць, бяз клопату аб тым, што голас у яго сіплівы, і яго могуць чуць пастароньнія.

Хлопчык сьмяяўся, слухаючы гэтыя апісаньні, і запамінаў на нейкі час пра свае цяжкія спробы зразумець матчыны расказы. Але ўсё-ж гэтыя расказы прыцягвалі яго мацней, і ён лічыў за лепшае зьвяртацца з распытваньнямі да яе, а не да дзядзькі Максіма.