Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
РАЗЬДЗЕЛ ІI.
I.

Цёмная галоўка дзіцяці багацела на новыя разуменьні; праз моцна навостраны слух ён залазіў усё далей і далей у тую, якая была навокал, прыроду. Над ім і вакол яго, як і раней, стаяла глыбокая, непраглядная цемра; цемра гэтая павісла над яго мозгам цяжкаю хмараю і, хоць яна лягла над ім ад дня нараджэньня, хоць, як відаць, хлопчык мусіў прывыкнуць да свайго няшчасьця, аднак-жа дзіцячая прырода паводле нейкага інстынкту бесьперастанку старалася вызваліцца ад цёмнае заслоны. Гэтыя, не пакідаўшыя дзіцяці ні на мінуту, бессьвядомныя парывы да незнаёмага яму сьвету адпячатваліся на яго твары ўсё глыбей ды глыбей выразам няясняе пакутніцкае натугі.

Ня гледзячы на ўсё, былі і для яго мінуты яснага задаволеньня, яркіх дзіцячых уцехаў, і гэта здаралася тады, калі даступныя для яго вонкавыя ўражаньні давалі яму новае моцнае адчуваньне, знаёмілі з новымі зьявамі нябачанага сьвету. Вялікая й магутная прырода ня была для сьляпога зусім закрытаю. Гэтак, аднойчы, калі яго завялі на высокую прываль, над рэкаю, дык ён з асаблівым выразам прыслухваўся да ціхага плюсканьня ракі далёка пад нагамі і з заціханьнем сэрца хапаўся за матчыную вопратку, слухаючы, як каціліся ўніз выскакваўшыя з-пад нагі ў яго каменьні. З гэтага часу ён рысаваў сабе глыбіню, як ціхую жальбу вады ўнізе прывалі, або як перапуджаны шорхат падаўшых уніз каменьчыкаў.