Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яму спрабаваць паніжэньня калекі; першы раз ён даведаўся, што яго фізычны брак можа напушчаць не адзін жаль, але і перапуд. Ведама, ён ня мог здаць сабе яснае справаздачы з прыгнятаўшага яго пачуцьця, але таму, што сьвядомасьць гэтая была няяснаю і цемнаватаю, яно выклікала ня менш пакуты.

Пачуцьцё пякучага болю і крыўды падыйшло яму да горла; ён упаў на траву і заплакаў. Плач гэты рабіўся ўсё мацнейшым, сударгаватыя уздрыгваньні трасьлі ўсё яго маленечкае цела, тым болей што нейкая ўроджаная гордасьць прымушала яго душыць гэты парыў.

Дзяўчынка, якая зьбегла ўжо з узгорачку, пачула гэты глухі плач і з зьдзіўленьнем вярнулася. Бачачы, што яе новы знаёмы ляжыць ніцьма і горка плача, яна пачула ўчасьце, паціху ўзыйшла на ўзгорачак і супынілася над плакаўшым.

— Слухай, — загаварыла яна ціха, — чаго ты плачаш? Ты мусі думаеш, што я пажалюся? Ну, ня плач, я нікому не скажу.

Словы ўчасьця і ласкавы тон выклікаў у хлопчыку яшчэ большы нэрвовы парыў плачу. Тады дзяўчынка прысела каля яго на карачкі; прасядзеўшы гэтак з паўмінуты, яна паціху кранула яго за валасы, пагладзіла па галаве і затым, з мягкаю вымагальнасьцю маці, якая супакойвае пакаранае дзіця, падняла яму галаву і пачала выціраць хустачкаю заплаканыя вочы.

— Ну, ну, сьціхні-ж! — загаварыла яна тонам дарослае жанчыны. — Я даўно не сярдую. Як бачу, дык ты шкадуеш, што напалохаў мяне…

— Я не хацеў напалохаць цябе, — адказаў ён, глыбока ўздыхаючы, каб здушыць нэрвовыя прыступы.

— Добра, добра! Я не сярдую!… То-ж ты больш ня будзеш. — Яна крыху падняла яго з зямлі і старалася пасадзіць побач з сабою.