Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён пакараўся. Цяпер ён сядзеў, як раней, тварам у бок захаду, і калі дзяўчынка ізноў зірнула на гэты твар, асьветлены чырванаватымі праменьнямі, дык ён ізноў паказаўся ёй дзіўным. У хлопчыкавых вачох яшчэ стаялі сьлёзы, але вочы гэтыя былі паранейшаму нярухомымі, рысы твару час ад часу крывіліся ад нэрвовых спазмаў, але разам з тым, у іх відаць было нядзічячае, глыбокае і цяжкае гора.

— А ўсё такі ты вельмі дзіўны, — сказала яна, задумліва і спагадна.

— Я ня дзіўны, — адказаў хлопчык з жалобнаю грымасаю. — Не, я ня дзіўны… Я… я — сьляпы!

— Сьляпы-ы? — працягнула яна, быццам сьпяваючы, і голас яе здрыгануўся, як быццам гэтае сумнае слова, ціха выгаваранае хлопчыкам, зрабіла незгладжвальны ўдар па яе маленечкім жаночым сэрцы. — Сьляпы-ы? — яшчэ больш дрыжачым голасам і, як быццам шукаючы абароны ад ахапіўшага ўсю яе непераможнага пачуцьця літасьці, яна раптам апляла хлопчыкаву шыю рукамі і прысланілася да яго тварам.

Атаропленая раптоўнасьцю сумнага вынаходу, маленечкая жанчына ня ўтрымалася на вышыні свае паважнасьці і, абярнуўшыся раптам у беднае і бязраднае ў сваёй бядзе дзіцянё, яна, ў сваю чаргу, горка і бязуцешна заплакала.

VI.

Некалькі мінут прайшло ў маўчаньні.

Дзяўчынка сьціхла плакаць і толькі час ад часу яшчэ хніпала, перамагаючыся. Поўнымі сьлёз вачыма яна глядзела, як сонца, быццам круцячыся ў распаленай атмосфэры захаду, асядала за цёмную мяжу гарызонту. Мільгануў яшчэ раз залаты абрэз агністае галы, пасьля пырснулі дзьве-тры гарачыя іскры, і цёмныя зарысы далёкага лесу