Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

што чуецца ў паўднёвай прыродзе і адбіваецца ў народнай песьні, ён лавіў з дзіўнаю поўнасьцю. Сьлёзы зьяўляліся ў яго кожны раз на вачох, калі ён слухаў, як „у полі могыла з вітром говорыла“ і ён сам любіў хадзіць у поле слухаць гэтую гутарку. У ім усё больш і больш вырабляўся нахіл да адзіноты і, калі ў гадзіны, вольныя ад заняткаў, ён адыходзіў адзін на свой адзіноцкі спацыр, дык хатнія стараліся не хадзіць у той бок, каб не парушыць яго адзіноты. Сеўшы дзе-нібудзь на кургане ў сьцяпу, або на ўзгорачку над ракою, або, нарэшце, на добра знаёмай прывалі, ён слухаў толькі шамаценьне лісьцьця ды шэпт травы або неазначальныя подыхі сьцяповага ветру. Усё гэта асаблівым спосабам гармоньявала з глыбінёю яго духовага настрою. Наколькі ён мог разумець прыроду, тут ён разумеў яе цалком і да канца. Тут яна ня трывожыла яго ніякімі выразнымі і невырашанымі пытаньнямі; тут гэты вецер уліваўся яму проста ў душу, а трава, здавалася, шаптала яму ціхія словы шкадаваньня і, калі душа юнака, настроіўшыся ў лад з навакольнаю ціхаю гармоніяй, разьмягчалася ад цёплае ласкі прыроды, дык ён адчуваў, як нешта паднімаецца ў грудзёх, прыбываючы і разьліваючыся па ўсёй яго істоце. Ён прыпадаў тады да крыху вільготнае, халаднаватае травы і ціха плакаў, але ў гэтых сьлёзах ня было горычы. А іншы раз ён браў дудку і зусім забываўся, падбіраючы задумлівыя мэлёдыі да свайго настрою і ў лад з ціхаю гармоніяй сьцепу.

Ведама, што кожны чалавечы гук, які неспадзявана ўрываўся ў гэты настрой, дзеяў на яго балючым, вострым дысонансам. Кампанаваньне ў падобныя мінуты магчыма толькі з надта блізкаю, прыяцельскаю душою, а ў хлопчыка быў толькі адзін гэткі прыяцель яго веку, якраз — белакурая дзяўчынка з пасэсарскай сядзібы. І гэтая