Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/79

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сьляпога выразна сказвалася гэтае чулае чаканьне: яму здавалася, што вось-вось гэтая цемра выцягнецца да яго сваімі нябачнымі рукамі і закране ў ім штосьці гэткае, што гэтак томна драмае ў душы і жджэ прабуджэньня.

Але знаёмая добрая і маркотная цемра сядзібы шумела толькі ласкавым шэптам старога саду, навяваючы сумную, калыхальную, супакойвальную думу. Пра далёкі сьвет сьляпы ведаў толькі з песьняў, з гісторыі, з кнігаў. Пад задумлівы шэпт саду, сярод ціхіх будняў сядзібы, ён даведваўся толькі з расказаў аб бурах і трывогах далёкага жыцьця. І ўсё гэта рысавалася яму быццам за нейкаю чароўнаю імглою, як песьня, як быліна, як казка.

Здавалася, што гэтак было добра. Маці бачыла, што агароджаная быццам сьцяною душа яе сына драмае ў нейкім зачарованым паўсьне, штучным, але спакойным. І яна не хацела парушаць гэтае роўнавагі, баялася яе парушыць.

Эвэліна, якая вырасла і злажылася неяк незаметна, глядзела на гэту зачарованую цішу сваімі яснымі вачыма, у якіх можна было часамі заўважыць штосьці ў родзе задумы, пытаньня аб будучыні, але ніколі ня было нават і ценю нецярплівасьці. Папельскі-бацька прывёў двор у ўзорны парадак, але да пытаньняў аб будучыні яго сына добраму чалавеку, ведама-ж, ня было ані найменшае справы. Ён прывык, што ўсё робіцца само сабою. Адзін толькі Максім, па сваёй натуры, з труднасьцяй выносіў гэтую цішу, і то, як нешта часовае, уваходзіўшае мімаволі ў яго пляны. Ён лічыў неабходным даць юнацкай душы ўстаяцца, узмацнець, каб быць у сіле сустрэць вострае дакраненьне жыцьця.

Тымчасам, там, за мяжою гэтага зачарованага кола, жыцьцё кіпела, хвалявала, бурліла.