МІКІТА
А далей таксама хацелі тое-сëе, меджду протчым, зьнімаць, але пачалі падыходзіць людзі, дык падзякавалі і пайшлі.
ДАМА
Ах, якія-ж усё-такі яны джентльмены! Нават падзякавалі.
СПРАЎНІК
О, так, так! Пазнаць адразу пана па халявах.
ГАНУЛЯ
А грошы не адабралі?
МІКІТА
Меджду протчым, мамаша, не адабралі: бачыце, пакупкі прынёс. Гляньце!
ГАНУЛЯ
(зірнуўшы ў кошык)
А матачкі-ж мае! Гэта-ж гарэлка!..
МІКІТА
Але, меджду протчым, мамаша, — гарэлка. Бо гэта будзе самая цяпер даходная стацьця. Новая ўлада гарэлку забараняе, а што забаронена, тое смачна і дорага каштуе.
ГАНУЛЯ
(паказваючы на рэвольвэры)
А гэты качарэжкі на якое безгалоўе?
МІКІТА
Гэта таксама даходная стацьця, прытым яны мне нічога не каштуюць: па дарозе адзін мой знаёмы пёрся з імі недзе ў чыстае поле і са страху сунуў іх мне, меджду протчым, дарма.
ГАНУЛЯ
Гарэлка… пісталеты… зусім ня сэзонны тавар у гэты час.
МІКІТА
Меджду протчым, мамаша, пакіньце гэту справу на маю галаву, глядзеце вось лепей, ці ня снуе хто няпэўны каля вакон.
(Вымае з кошыка, то стаўляе назад бутэлькі).