Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/188

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ГАНУЛЯ

(углядаючыся ў акно, пасьля паузы)

Здаецца, ужо пачынаецца.

МІКІТА

(устрывожаны)

Што пачынаецца?

ГАНУЛЯ

Чагосьці прэцца сюды мамзэль Наста.

МІКІТА

Так-бы адразу, меджду протчым, і сказалі, а то толькі пужаеце…

(Убягае засопшыся НАСТА)

ЗЬЯВА

ГАНУЛЯ — МІКІТА — ДАМА — СПРАЎНІК — НАСТА

НАСТА

(вітаючыся)

Дзень добры! Дзень добры! Як маецеся? Смутную вам прыношу навіну. З пэўных крыніц я напэўна даведалася, што йдуць да вас трэсьці?

МІКІТА

Што вы кажаце, мамзэль Наста: трэсьці?

ГАНУЛЯ

Во няшчасьце на нашу хату.

МІКІТА і ГАНУЛЯ

(разам)

Што рабіць? Што тут рабіць? Райце, мамзэль Наста!

НАСТА

Вывешвайце хутчэй праз вакно чырвоны сьцяг. У падобных несамавітых сытуацыях такое вывешваньне часам памагае. Хутчэй вывешвайце! А я пабягу. Мушу яшчэ дапасьці там-сям — у пэўныя крыніцы.

(Вышла. МІКІТА чапляе чырвоную хустачку на канец парасона і вывешвае праз ваконную фортачку)