Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/271

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

панаваньне — вельмі падатлівы ў нас: і ў нядзельку гарэлачкай таргуе, хоць гэта, кажуць, закон і забараняе. Вось цяпер, значыцца, і ня помню, як я ў гэту не ў сваю хату папаў. Ведаю, што за нешта рукі пабілі, барыш нейкі пілі, цалаваліся. Трахімка сьлязу пусьціў, і я ня вытрываў, размасьліўся, а там… а там, хоця лопні, нічога ня ведаю!.. (Праз сон). Можа як засну, дык прысьню, хто я й дзе я?.. (Засыпае).

ЗЬЯВА ІІ

МАКСІМ — КАЦЯРЫНКА

КАЦЯРЫНКА

(адзеўшыся пасьвяточнаму, у руках кветкі і з кветак вяночак на галаве, убягае ў хату, напяваючы)

Ой, чуць, маці, чуць,
Дзе малойцы п‘юць!
Вясёлая там вуланька,
Куды яны йдуць.
А знай, маці, знай,
Дачку замуж дай!
Ня дай мяне за п‘яніцу,
Посьле-ж будзе жаль.
Дачушка мая,
Родная мая.
Шукай сабе, выглядывай —
Яшчэ-ж малада!
Матулька мая,
Родная мая!
Я й шукала, выглядала
І ўжо выбрала.

(Круціцца перад люстэркам і прышпіляе да грудзей кветкі)

Ха-ха-ха! Якраз, як маладая да шлюбу, сягоньня я паднядзелілася! Як убачыць Мацейка, дык ота-ж уцешыцца! Ох, і ўмее-ж ён абнімацца й цалавацца! А каб было каму? Ці даўно разам у бабкі гулялі і ў поле ганялі, а ўжо — на табе! За дзявочымі спадніцамі так і бегае, як падсмалены. І нячысьцік яго ведае, адкуль гэта ўсё ў яго бярэцца? Так абніме, так да грудзей прыцісьне, ажно неяк млосна-млосьненька робіцца.