Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/272

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

А як пачне цалаваць і цалаваць без канца, дык, даліпантачкі, твар гарыць, проста, як хто яго крапівой высек. Ох, Мацейка, Мацейка! Штосьці зашчыльна ты ка мне прыліпаеш, каб не наварылі гэтак мы з табой якой саладухі. (Максім храпе). Ай, гэта-ж тата на ложку! А я думала, што ўжо пашоў. Ну, добра, што хоць сьпіць, як апошняе ў печ усыпаўшы, а то было-б паранкі і мне і Мацейку за такую маю гутарку.

(Далей круціцца перад люстэркам, прымярае, як лепей, вянок і напявае).

У гародзе качка,
За гародам качка.
Любіць, любіць мой міленькі,
Хоць я не дварачка!
У гародзе мята,
За гародам мята.
Любіць, любіць мой міленькі,
Хоць я не багата!
У гародзе птушка,
За гародам птушка.
Любіць, любіць мой міленькі,
Хоць я не падушка!
У гародзе вішня,
Ля вішні — чарэшня.
Любіць, любіць мой міленькі,
Хоць я не яешня!

Ха-ха-ха! Хоць я не яешня, а пэўна, як глядзіць на мяне, дык сьлінкі так і цякуць. Каб толькі папусьцілася, дык зьеў-бы мяне і не аблізаўся-б нават.

У гародзе дзічка,
За гародам дзічка.
Любіць, любіць мой міленькі,
Хоць я невялічка!

Ой, ой! Хоць я і невялічка, але добра ўжо ведаю, чаго хлапцом ад мяне хочацца.

У гародзе хатка,
За гародам хатка. (Глянуўшы ў вакно).
Ой, ідзе ўжо мая мамка —
Будзе вайна з таткай.