Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/280

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

поўквартачку, каторай з палавінку выпіў, а рэшта асталася. Прынясі ты, Кацярынка, пляшку і чарку: там-у лыжачніку знойдзеш.

КАЦЯРЫНКА

(прыносячы поўквартоўку й чарку. У бок)

Вот і салодкую гарэлку будзем піць!

ДАМІЦЭЛЯ

(наліваючы і падсоўваючы чарку Максіму)

Выпі, кумок, каб на сэрцайку палягчэла! Я-ж дык і з роду ня піла і ня п‘ю.

МАКСІМ

А мая Паланея часам любіць пацягнуць. (Выпіваючы). За тваё здароўе, кумка, і тваё, Кацярынка! (Маргаючы да ДАМІЦЭЛІ). Можа-ж некалі сваяўство якое зьвядзем. У мяне — Мацейка, у цябе — Кацярынка, а там (штурхаючы ДАМІЦЭЛЮ ў бок), як ведаеш, кумка, і да царквы недалёка.

ДАМІЦЭЛЯ

Яно-ж так! Што каму суджана, дык і пехатой таго не абойдзеш і з канём не аб‘едзеш. Што ж? Мая Кацярынка, як сам, кумок, бачыш, нікому ня ўступіць і з розумам і з рукамі.

КАЦЯРЫНКА

(закручываючыся хвартухом)

А я яшчэ замуж не хачу, і Мацейка, я ведаю, жаніцца ня хоча!

МАКСІМ

А я нешта другое заўважыў па табе і па Мацею там, у садзе. Помніш? Ха-ха-ха! Засаромілася!

ДАМІЦЭЛЯ

Трэ было, кумок, кіем даць хлуду добра аднаму і другому. Занадта рана пачалі ўжо нюхацца з сабой. Яшчэ малако матчына на губох ці абсохла.

МАКСІМ

А, кумка, помніш, як мы гэта калісь… у поле яшчэ ганялі… Хэ-хэ-хэ!