Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

АКТ ДРУГІ

Час каля Купальля. Паўдня. Хата Зябліка.

Сцэна прадстаўляе раскіданыя будынкі: тырчыць шульле, печ; валяецца бярвеньне, латы, салома, хатняя абстаноўка. У глыбіне сцэны — сад, бліжэй к рампе стаіць адно дзерава; непадалёк ад яго ў непарадку: стол, лавы, табурэткі. Дзеці (АЛЕНКА і ЮРКА) як-бы перапужаныя, гульня ў іх ня клеіцца, Час — праз два тыдні пасьля першага акту. Перад захадам сонца.

ЗЬЯВА I

МАРЫЛЯ — ДАНІЛКА — ДЗЕЦІ

ДАНІЛКА

(прыбіваючы абраз да дзерава)

Ну ўжо, мамка, усё гатова! Давёў у парадак хату, як ляпей быць ня можа, нават божаньку павесіў, каб было перад кім маліцца. А цяпер мушу за сваю работу брацца. (Садзіцца воддаль і майструе скрыпку).

МАРЫЛЬКА

(апускаецца на зямлю і прытульваецца к дрэўцу)

Эх, дажыліся, божухна, божухна! Ня вісіць твой абразок у хатачцы на пачэсным куточку, а тут — на гэтым дзераве, сярод гэтае руіны. Як сірата, вісіць твой абразок тутака. Дождж яго будзе мыць, сонейка паліць, вецер хістаць, як тэй бярозкай у полі хістаць. Патапталі, божухна, вярбу! тваю сьвянцоную, пакрышылі тваю сьвечку грамнічную. А мы, служкі твае верныя, сядзім тут, як пагарэльцы на папялішчы, і сонейка твайго яснага за сьлязьмі ня бачым. Ох, ох! Людзі твайго сонейка ня бачаць, праўданькі твае ня бачаць, голасу твайго ня чуюць. Асьвяці ты, божа, душу маю грэшную, не пакінь майго ўдовінага сіроцтва, — пашлі мне сілачкі гэтых малых выхаваць! Укрый іх ад галоднае і халоднае сьмерці і ад благіх людзей укрый іх, божа!