Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вушнік? Праца мая, нявольніка, дол толькі ім глыбейшы выкапае, а хлеб, сьпечаны нявольніка рукамі, ядам абернецца ў зубах іх. Але цяпер… цяпер ніяк к ім не пайду, хіба вяроўкамі пацягнуць, калі ёсьць на сьвеце такія вяроўкі моцныя. Там, над бацькавай магілай, зарок сабе даў жывым ня зысьці з гэтага месца, з гэтага нашага разграбленага гнязда, дзе татавы ногі расу сьцюдзёную тапталі, а вочы яго шукалі на небе зоркі свайго шчасьця. І ня зыйду, і ня ўступлю, хай б‘юць, рэжуць, катуюць!..

ДАНІЛКА

Э! часам і без вяроўкі ў пятлю лезуць, як ліха прыпрэ.

МАРЫЛЯ

Супакойся, Сымонка! Пакіньма цяпер аб гэтым гаварыць. Можа есьці хочаш? Ёсьць трохі печанай бульбы. (Дастае кійком з папялішча бульбу).

СЫМОН

(ядучы)

Зьем, чаму ня зьем? Ад самага раньня нічога ў губе ня меў. А работы шмат было: сам мусіў яму выкапаць — ніхто не хацеў памагчы, бо, кажуць, для вісельніка страшна дол капаць. Ну, няхай ім будзе страшна. Але я ведаю — ня страх тут быў прычынай, а тое, што мы ня маем чым заплаціць і чым пачаставаць, ня маем за што даць ім гарэлкі, накарміць салам… Не хацелі, і ня трэба! Бяз іх сядзем за жалобным сталом. Ха ха-ха! Няма чаго сказаць — багаты стол: бульба і вада, вада і бульба!.. Памінкі па родным бацьку, па гаспадару з гаспадароў! Памінкі на раскіданай хаце, на здратаваных пасевах па сумленным жыхару, па шчырым сяўцу! Што-ж? да касьбы і жніва трэба ладзіцца, да вялікае касьбы і жніва! (Кідае бульбу са злосьцю). Яда ў горла ня лезе — колам становіцца.

ДАНІЛКА

А ты вазьмі ды вадой прагані, або дай, я табе ў плечы пастукаю. Мне як засядзе кусок у горле, дык мамка як стукне, — глядзіш, кусочак і паляцеў куды трэба.

МАРЫЛЯ

(да Сымона)

Дзе Зося? Чаму яна з табой разам ня прышла?