Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

СЫМОН

Дзе Зося? дзе Зося? У яе пытайся, а не ў мяне, куды яна прападае? Пайшла з магілак раней за мяне, дык павінна была і раней прыйсьці.

МАРЫЛЯ

Каб хаця не заблудзіла дзе? Чаму ты адну яе пусьціў? Далёка тут да няшчасьця.

СЫМОН

Да няшчасьця мо‘ і недалёка: заблудзіць — не заблудзіць, калі сама гэтага не зажадае. Але яна ўжо запраўды блудзіць ад першага дня бацькавае сьмерці. Мамка хвора і даверчыва, дык ня бачыш нічога і ня чуеш, а я ўсё бачу і чую. Паляцела перш ад мяне з магілак, каб у двор заляцецца — на панічовы гібкі стан падзівіцца і, як сучка, каля ног яго паласіцца.

МАРЫЛЯ

Скуль ты гэта ўзяў, каб Зося… Зоська… мая дачушка?..

СЫМОН

Так, так, Зоська, твая дачушка, а мая сястрычка родная ў двор да паніча бегае, уся аколіца аб гэтым як у бубен б‘е. Я ўсё ня верыў, пакуль сам не пераканаўся: заўчора ўсю ноч там прападала. Я відзеў, але маўчаў, бо яшчэ тата быў не пахаваны, не хацеў пры нябожчыку аб гэтым новым нашым няшчасьці казаць і калатню падымаць.

МАРЫЛЯ

(жаласьліва)

Зоська… мая Зосечка… Вушам ня верыцца. Прыпамінаю: у той дзень, як выкідалі, яна прыбегла і казала, што там, ля рэчкі… Ці-ж быць можа?.. Зоська… Зоська…

СЫМОН

Хэ-хэ-хэ! Крамная скура, размасьленыя вочы, лісьлівае сьлінявае зюзюканьне, бяссорамныя ў кутку пацалункі — вось вам і палонка, у каторую простая дзяўчына валіцца, зрэнкі заплюшчыўшы. Без вялікіх коштаў і торгу мае сабе бясчэльны самалюбнік удаволь сьвежага і здаровага тавару ў нашай цёмнай прастоце. А плаціць за гэты тавар разьбітым шчасьцем,