Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЗОСЬКА

(устаючы)

Прысягну, мамачка! На што хочаш прысягну, што гэта цень мой быў. На што хочаш прысягну! Руку дам праз сваю галаву.

МАРЫЛЯ

Ня трэба мне твае галавы. (Паказваючы на абраз). Вось, перад богам прысягай! Перад яго абразом. (ЗОСЬКА змагаецца з сабой). Ну, чаго чакаеш? Станавіся на калені і прысягай!

ЗОСЬКА

(апускаючыся на калені перад абразом)

Мамка, я баюся! Страх нейкі ўсю мяне праймае.

МАРЫЛЯ

Складай пальцы на крыж і прысягай! Іначай, я асьляплю цябе, каб да сьмерці туды сьцежкі не знайшла!

ЗОСЬКА

(складаючы пальцы на крыж)

Мамка, мамачка! Ня губеце мяне! Я не магу!.. Я ня ведаю, каторае з нас цень мой, а каторае я сама?

МАРЫЛЯ

А калі я табе вочы выкалю, тады даведаешся? Га! Даведаешся тады?

(Чуваць прыбліжаючаеся насьвістваньне)

ЗОСЬКА

(прасьвятлеўшы)

Мамачка! Ён, сам — цень мой — ідзе! Удваіх з ім будзем прысягаць!

МАРЫЛЯ

(заламаўшы рукі на чале)

Што са мною? Што з ёй? Што за благі дух яе папутаў? Развалена хата, закопаны бацька, а яна? (Глуха). Зоська! Зосечка!..

ЗОСЬКА

(як-бы ў экстазе)

Мама! Мамачка! Ясны месяц да залатой зоркі плыве, зялёны явар да калінкі свае хіліцца, а ён — цень мой — з далёкіх