Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЗОСЬКА

Нічога, панічок. Шкода толькі, што тата павесіўся, а мамку прышлося хворую выносіць.

ПАНІЧ

Як-жа цяпер здароўе Лявоніхі?

МАРЫЛЯ

Дзякую, панічу, за пытаньне! З тыдзень яшчэ не магла пасьля таго хадзіць, а цяпер як-колечы валачу ногі; каб толькі скарэй куды-небудзь далей звалачыся!

ПАНІЧ

(садзячыся на ўслончыку)

Ну, а як Зоська гадуецца?

ЗОСЬКА

Як, панічок, бачыце! Жыву апошнія часы на сьвеце і сьвету ня бачу. Адна мая радасьць, адно маё шчасьце, калі з та… калі ўночы сны цудоўныя бачу, калі думкамі плыву к та… к свайму месячыку яснаму. Так цяпер, панічок, жыву я і чакаю… толькі ночкі чакаю!..

(Садзіцца на зямлі непадалёк ад ПАНІЧА і з любасьцю паглядае на яго).

МАРЫЛЯ

(у старану)

Скажу яму, усё чыста скажу! Можа ён маё сумленьне заспакоіць. (Да ПАНІЧА, змагаючыся з сабою). Скажэце, панічок, скажэце, сакалочак… не загневайцеся на мяне!.. (Валіцца к яго нагам). Ня губеце яе, панічок! Яна яшчэ дзіцянё і нічога ня знае… Ня губеце! Мейце ласку над маткай! Можа-ж і вам калі дзетак бог пашле… Ня губеце! Я яе гэтымі самымі грудзьмі карміла, што і цябе!.. Зжальцеся над беднай удавой! Ці праўда, што яна к вам… што яна?

(Сьлёзы не даюць ёй выгаварыць. Апіраецца аднэй рукой аб услончык).

ЗОСЬКА

Мамка нічога ня ведае… Я аб нічым ёй не казала… Даруйце ёй, панічок!

ПАНІЧ

(устаючы)

Што? што Лявоніха хочаш ад мяне? Я нічога не разумею! Я-ж не магу пазволіць ізноў тут хату ставіць, калі мне гэту