Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

для спаньня: на маё шчасьце, забыліся будку сабачую раскідаць, дык на месца Лыскі нашага, я з вамі, малыя, пасялюся. (Хоча выходзіць).

ЗОСЬКА

(змагаючыся з сабой)

Данілка! Ці гэта праўда, што ты казаў? Ці гэта праўда?

ДАНІЛКА

(адвярнуўшыся)

Вось, на табе груцы з бобам! Дурны сказаў, а разумны і паверыў.

ЗОСЬКА

Дык гэта ты мне наманіў?

ДАНІЛКА

Ведама — наманіў! Ці-ж я ўжо такі, бяз усіх клёпак у галаве, каб разумным праўду гаварыць? Сьпі, сястрыца, спакойна.

(Выходзіць).

ЗЬЯВА V

ЗОСЬКА (адна)

ЗОСЬКА

Та-а-к! Пэўна, што гэта няпраўда. Але што са мной робіцца? Аб чым гэта я думаю? Так ці сяк, сон мой залаты павінен разьвеяцца; чары туманныя скончацца, і я, такая, як цяпер, скончуся. Заместа мяне будзе другая нейкая мара цягнуць далей лямку свае новае долі. Гарыстым і пяшчаным шляхам будзе яе цягнуць, як сібірнік тачку, пакуль аж сама сябе не дацягне туды, адкуль не варочаюцца… дзе тата… да магілак! Бр! Што я думаю? Як-жа гэта ночка заўсёды нейкай чорнай і страшнай птушкай кладзецца на мае думкі! Зьвядуць гэтыя чорныя птушкі няшчаснае жыцьцё маё ў цьму непраглядную! З сілы выбіваюся ў змаганьні з гэтым безгранічным сумам, што вакруг мяне сьцелецца і жудкімі вачамі глядзіць у мае маркотныя вочы. Ха! Уцяку ізноў адгэтуль і буду блукацца да самага белага дня там — дзе ён, дзе яго, свайго ненагляднага каралевіча, спаткаю. Буду далей сьніць пры ім дзіўдую повесьць свае моладасьці, чараўнічую казку свайго шчасьця;