Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

НЕЗНАЁМЫ

Ідзі, сястра! і брата за сабою вядзі, а я тымчасам да іншых пайду кліч клікаць.

ЗОСЬКА

Я скажу Сымону. Толькі, мусіць, суд наш пакуль не адбудзецца, ён ня пойдзе на ніякі сход, пэўна, што ня пойдзе.

НЕЗНАЁМЫ

Але пасьля суду хай прыходзіць. Дый яшчэ буду я ў вас.

ЗЬЯВА VII

ЗОСЬКА (адна)

ЗОСЬКА

(садзіцца на зямлі)

Які нязвычайны чалавек! Казаў — яшчэ будзе ў нас. Але хаця-б толькі ня ўночы? А то так яго слухаць страшна, хоць за адно і хочацца слухаць. Штосьці нявысказанае цягне і к яму і на гэны сход нябывалы… Нязвычайны чалавек! Ня знай, ня ведай — сястрой мяне называў! Чаму ён мяне так называў? Ха! Трэба ўцякаць адгэтуль, а то яшчэ хто другі такі прыдзе і жудасьці ўсялякае з сабою нанясе. Пайду! Пайду к яму, к свайму месяцу сьвятлянаму, абаўюся каля яго, як хмель каля дубочка, і забудуся хоць на час на свае думкі трывожныя, на самую сябе бяспрыпынную. Як ручэйку кужалю — распушчу касу сваю дзявоцкую па плячох сваіх белых… ён любіць мяне такую! (распускае касу). А цяпер палажу на галаву вяночак з васількоў, бо ён казаў, што мае вочы, як васількі, дык няхай-жа васількі на валасох маіх красуюцца! (Кладзе на галаву вянок). Цяпер, якраз, буду русалка. Бо такі-ж русалкай ён мяне сваёй заве, ды пэўне я калісь і буду ёю. Бо люблю гэта царства русалчына! Там яны сабе то, як рыбкі, у вадзіцы плюскаюцца, то ў лес выходзяць і на галінках калышуцца, як тыя кветкі, званочкі ўлетку на сенажаці. Шчасьлівыя яны, гэтыя русалачкі, шчасьця нашага дзявочага насьледнічкі! Шчасьлівыя і спакойныя! А тут мучся, дзяўчына, ня