Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

АКТ ПЯТЫ

(Час — каля „ўсіх сьвятых“. Вечар. Цёмна. Глуха. Заводзіць вецер.)

ЗЬЯВА I

МАРЫЛЯ — ДАНІЛКА — ДЗЕЦІ

ДАНІЛКА

(увесь час выводзячы з перарывамі на сваёй скончанай іскрыпцы сумную мэлёдыю)

Мамка, уцякайма адгэтуль, ато ўжо і мне трудна вытрываць: так тут холадна, цёмна, страшна!

МАРЫЛЯ

(грэючыся з дзяцьмі каля вогнішча)

Як Сымон скажа, так і будзе, нічога я ў гэтым сваёй воляй парадзіць не магу.

ДАНІЛКА

Усё Сымон ды Сымон! Ці-ж без яго дык і абыйсьціся няможна. Я-ж нашто ў цябе?

МАРЫЛЯ

Нашто? Пішчэць толькі на йскрыпцы, ды і ўся з цябе тут рада і парада! Як цяпер во пішчыш ды пішчыш, хоць вушы затыкай.

ДАНІЛКА

А ўсё такі скажы, мамка, праўду: у гэтай іскрыпцы лепшы голас, як у тэй, што раней у мяне была?

МАРЫЛЯ

На тэй гудзеў, як авадзень, і на гэтай таксама выводзіш нейкае нешта паўтара людзкога. Знайшоў калі музыкай займацца! Жалоба па бацьку яшчэ не адышла, з Зоськай такое