Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

няшчасьце прылучылася, а ён — на табе! На йскрыпцы выігрывае.

ДАНІЛКА

Мамачка, я-ж нічога вясёлага і ня йграю, а ўсё такое, як сама чуеш, што і па нябожчыках ня грэх галасіць. Жалобная музыка, бачыш, у мяне выходзіць, а не якая іншая.

МАРЫЛЯ

І толькі больш жалю задаеш, ажно толькі сэрца на кускі разрываецца. Думак сваіх не магу ў парадак прывясьці.

ДАНІЛКА

А якія там думкі? Узяў пастанавіў раз кінуць гэта бяспрыпыннае прыпынішча, ну дык і што тут мазгі думкамі сушыць. Забраў свае манаткі, ды дай божанька ногі і здароўе!..

МАРЫЛЯ

У цябе ўсё проста з моста, а клёку ў галаве і за грош ня маеш. Ну, мы няхай сабе пойдзем — добра! А Сымон, Зоська? Як патвойму здаецца: вырачыся мы іх павінны? Што?

ДАНІЛКА

Няхай і яны з намі йдуць. Ці-ж ім хто не дае.

МАРЫЛЯ

А калі ня хочуць?

ДАНІЛКА

Дык іх аддзяліць трэба, калі ім кепска з намі жыць і калі цябе ня ўмеюць слухаць.

МАРЫЛЯ

Нашто іх аддзельваць! Яны самі даўно ўжо аддзяліліся ад нас, але толькі я — матка — ад іх не магу аддзяліцца і пакінуць іх тут бяз ніякага парадку і ладу. Ды што ты, дурненькі, разумееш у гэтым?

ДАНІЛКА

Я толькі тое разумею, што ўцякайма адгэтуль, мама, ды ўсё тут! Есьці няма чаго, хаты няма, скора зіма будзе, сьцюжа, сьнег, мароз… Бр! Аж цяпер усяго да костачак холадам пе-