Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

МАРЫЛЯ

Вечнае яму спачываньне! А Зоську нашу таксама зналі, дзедка? Такая дзяўчына была!

СТАРАЦ

Знаў, пані гаспадыня! Чаму ня знаў?.. Не адзін раз мяне і хлебам дарыла, і вадзічкі ў смагу давала. Апошні раз, як у вас быў, кветачак нават мне дала, — за панічова здароўе прасіла маліцца. Добрая дзяўчынка была. Хай бог міласэрны за тое долечку ёй шчасьлівую пашле!

МАРЫЛЯ

Ох, дзедка мой! Не на радасьць і на пацеху яна ў мяне гадавалася. Дасьціпная вельмі была, і нейкая як сама не пры сабе. А з вясны, як прышло нешта ёй у галаву, як стала ў двор бегаць, як стала, дык цяпер як-бы не пры сваім розуме засталася.

СТАРАЦ

Ведаю я гэта! ох, чаму ня ведаю? Моладасьць яе згубіла, ды каго яна ня згубіла!

МАРЫЛЯ

А Сымонка мой таксама ці з розуму зышоў, ці хто яго знае, што з ім робіцца. Хоць забі яго — саступіць адгэтуль ня хоча і нам нікому волі не дае, ня гледзячы на тое, што ўжо апошні суд за гэту зямлю адбыўся, і мы на ім прайгралі. Ды яшчэ другая бяда з маім Сымонам прылучылася: прышоў сюды нейкі шалёны чалавек і нагаварыў яму аб нейкім смоку і зборышчы, — ды цяпер по-начы ходзіць і зборышча гэтага шукае, не на дабро шукае! Ужо сталі яго і цемняком усе называць. Можа і сапраўды ў цемнякі запісаўся — хто яго ведае? Сама я ніяк і розуму ня прыстаўлю. Ці ня чулі вы, дзедка, чаго аб гэтым сходзе?

СТАРАЦ

І чуў і ня чуў, і нічога сам добра ня ведаю, ды хто яго ўсё разьбярэ, як сьледна. Цяпер такі на сьвеце між людзьмі несупакой расьце, што ня дай ты, божачка! Дык можа дзе і