зьбіраецца гэна зборышча, але дзе — нічога я ня ведаю. Шмат чутак усялякіх, як і заўсёды, ходзіць паміж жывымі, шмат аб чым і добрага і благога гаманяць, але што з гэтага ўсяго гоману выйдзе — ніхто акуратна не згадае. Слабы сталі цяперашнія людзі: кепскія вочы маюць, каб усё, як належыцца, бачыць імі, кепскія вушы маюць, каб кожны шорах пачуць, і згадаць, адкуль вецер прыхільны вее, і кепскі розум маюць, каб ім раскумекаць усё чыста, дзе дабро іх чакае, а дзе зло. Так, так, пані гаспадыня! Слабы людзі. Нават якую маюць сілу, дык і тое ня хочуць выказаць. Нейкі сон і страх усіх аплутаў.
ДАНІЛКА
Праўда, дзедка! Мне тут вельмі страшна, але каб спаць хацелася тутака на холадзе, — дык гэтага не скажу.
СТАРАЦ
То чаго-ж сядзіцё на гэтай руіне, калі вам тут страшна? Чаго чакаеце?
ДАНІЛКА
А ўсё-ж чакаем, пакуль Сымон сход той знойдзе.
МАРЫЛЯ
Падзецца няма дзе!
СТАРАЦ
А дзе я падзяюся? Дзе пяты, дзесяты падзяецца такіх, як я, як многа іншых падобных мне?
ДАНІЛКА
Ну, месца гэтага то я яшчэ ўсё такі добра ня ведаю!
СТАРАЦ
Як пойдзеш, сынку мой, у сьвет, то даведаешся. Днём сонейка сьцежку пакажа, а ночкай — шлях млечны на небе. А ісьці будзе лёганька-лёганька, бо вецер будзе цябе падганяць. І так будзеш шукаць ды шукаць таго месца, аж пакуль ня знойдзеш вечнага спачываньня.