Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЗЬЯВА III

ТЫЯ-Ж І ЗОСЬКА

ЗОСЬКА

(уходзіць, штось сумнае напяваючыў; у зрэбнай спадніцы і кашулі — без каптана, грудзі расхрыстаны, валасы распушчаны і спадаюць па плячох, на галаве з пасохшага лісьця вяночак)

СТАРАЦ

(адступаючы ў старану з мімавольнага перапугу)

Хто гэта такі?

МАРЫЛЯ

Ці-ж не пазналі? — Зоська наша!

СТАРАЦ

Божа! Божа! Што з яе сталася?

ДАНІЛКА

Толькі цень ды вянок з лісьця!

ЗОСЬКА

(разглядаючыся)

Хто тут? чаго вы назьбіраліся? Разлучыць мяне хочаце з ім? Га? Ха-ха-ха! Не на такую напалі. (Да СТАРЦА). А ты, сівы, чаго сюды прышоў? Можа весьці добрыя прыносіш ад майго таты, або ад майго міленькага? Ня бойся — кажы! Я ўсё ведаю!.. Даўней нічога ня ведала, а цяпер, ах, як ведаю!.. Тата мой у палацы засеў і пануе там: шмат слуг яму служыць, і скарбаў усялякіх шмат мае. Пасаг мне вялікі дасьць, ох, які вялікі! — сто, тысячу, мільён. А толькі, нашто ты, татачка, майго міленькага выгнаў з палацу, што аж за морам апынуўся? Пакінуў мяне мой ненаглядны, праз благіх людзей адрокся свае русалачкі з васільковымі вачамі. Ха-ха-ха! Але я сама к яму пайду. Праз быстрыя рэчкі, праз шчырыя бары, праз сухія пяскі паплыву к яму, як месяц па небе плыве! (Садзіцца і капаецца ў вогнішчы).

СТАРАЦ

Страшныя рэчы творацца ў вас, пані гаспадыня!