Перайсці да зместу

Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/112

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

койна бараніўся: „А што мне твая гарбата? Калі я добра пад'ем, дык і вады нап‘юся смагла. У нас, як касіць ідуць, сала ці сыраквашы з хлебам наядуцца. А ў вас, праўда, як сабакі: жыдзенькае гарбаты сёрб-сёрб! і пабег хартом-чартом на сенажаць. Якая ў яго можа быць работа? Яму-б толькі на гармошцы тады рыпаць“.

Цярпліва даслухаўшы спрэчку да канца, я папрасіў у іх вады памыцца, але яны абодва мне адмовілі, сказалі, што няма ў іх вады, і бурчэлі мне ў сьлед: „Не вялікі пан, паходзіць і так“. — „Вольнашляюшчы… трэба было даць“. — „Чаму ня даў? Гэта-ж твой хахол“.

Тады я пашоў у хату, дзе месьцілася канцылярыя дывізіёну (я быў сяньня прысланы сюды для сувязі з батарэяй).

Тут расьпівалі гарбатку з малаком пісары. Старшы над імі быў вусаты паляк ці абпалячаны беларус з Віленшчыны, чамусь з расейскім прозьвішчам — Маслоў. На грудзёх у яго была прышыта георгіеўская стужачка. Пан пісар Маслоў засыпаў мяне пшэпрашамі, пане-пане, прошэн пана. Ён чуў, відаць, ад некага, што я паляк. Далікатна ўзьвёўшы гутарку на польскую мову, Маслоў моцна бедаваў, што, на жаль, ня ўмее пісаць гэтаю „найдалікатнейшаю ў сьвеце“ моваю.

— Парускаму так далікатна не напішаш, як папольскаму. А я друк чытаю, а пісаць ня ўмею… О-о, каб я ды ўмеў пісаць папольскаму!