Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/88

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яго насустрач. Гэта не было ні небяспечна, ні цяжка. Агонь бег па рэдкім сасновым лесе супроць ветру; ён пасоўваўся няроўнай рысай або, кажучы дакладней, суцэльнай зубчатай сцяной загнутых назад языкоў. Дым адносіла ветрам. Кандрат сказаў праўду: гэта, сапраўды, быў паземны пажар, які толькі брыў траву і, не ўзмацняючыся, ішоў далей, пакідаючы за сабой чорны і дымны, але нават не тлеючы след. Праўда, часамі там, дзе агню траплялася яма, напоўненая ламаччам і сухімі сукамі, ён раптам, з нейкім асаблівым, досыць злавесным гулам, уздымаўся доўгімі хвалістымі косамі, але хутка ападаў і бег далей па-ранейшаму, з лёгкім патрэскваннем і шыпеннем. Я нават не раз заўважыў, як навокал ахоплены дубовы куст з сухімі, вісячымі лістамі, заставаўся некранутым, толькі знізу яго крыху падпальвала. Прызнаюся, я не мог зразумець, чаму сухія лісты не загараліся. Кандрат растлумачыў мне, што гэта адбывалася з прычыны таго, што пажар паземны, «значыцца, не сярдзіты». Але-ж агонь той самы, пярэчыў я. Паземны пажар, паўтарыў Кандрат. Аднак, хоць і паземны, а пажар усё-такі рабіў сваё дзеянне: зайцы неяк бязладна бегалі ўзад і ўперад, без усялякай патрэбы вяртаючыся ў суседства агню; птушкі траплялі ў дым і кружыліся, коні азіраліся і фыркалі, а сам лес нібы гудзеў, — дый чалавеку рабілася нязручна ад нечакана шугаючай яму ў твар гарачыні…

— Што глядзець! — сказаў раптам Ягор за маёй спіной. — Паедзем.

— Ды дзе-ж праехаць? — запытаўся Кандрат.

— Вазьмі ўлева, па сухабалоццю праедзем.

Мы звярнулі ўлева і праехалі, хоць іншы раз і цяжка даводзілася і коням, і калёсам.

Цэлы дзень працягаліся мы па гары. Перад вечарам (небасхіл яшчэ не пачырванеў, але цені ад дрэў ужо ляглі нерухомыя і доўгія, і ў траве адчуваўся халадок, які бывае перад тым, як выпадае раса) я прылёг на дарогу ля калёс, у якія Кандрат, не спяшаючыся, запрагаў пад’еўшых коней, і ўспомніў свае ўчарайшыя невясёлыя мары. Навокал усё было таксама ціха, як і ўчора, але не было гнятучага і ціснучага душу бору; на высахшым моху, на ліловым быльніку, на мяккім пылу дарогі, на тонкіх ствалах і чыстых лісточках маладых бяроз ляжала яснае і ціхае святло ўжо неспякотнага нізкага сонца. Усё адпачывала, агорнутае супакаяльным халадком; нічога яшчэ не заснула, але ўжо ўсё рыхтавалася да лячэбнага засынання вечара і ночы. Усё, здавалася, гаварыла чалавеку: «адпачні,