Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/95

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Выдатную выбралі вы кватэру, — сказаў я.

— Гэта Ася яе знайшла, — адказваў Гагін: — а ну, Ася, — прадаўжаў ён: — распараджайся. Загадай усё сюды падаць. Мы будзем вячэраць на свежым паветры. Тут музыка лепш чуваць. Ці заўважылі вы, — дадаў ён, звярнуўшыся да мяне: — зблізку іншы вальс нікуды няварты — пошлыя, грубыя гукі — а ў аддаленні, цуда! так і варушыць у вас усе рамантычныя струны.

Ася (уласна, імя яе было Анна; але Гагін называў яе Асяй, і ўжо вы дазвольце мне яе так называць) — Ася пайшла ў дом і хутка вярнулася разам з гаспадыняй. Яны ўдваіх неслі вялікі паднос з гаршком малака, талеркамі, лыжкамі, цукрам, ягадамі, хлебам. Мы ўселіся і пачалі вячэраць. Ася зняла капялюш: яе чорныя валасы, астрыжаныя і прычэсаныя, як у хлопчыка, падалі буйнымі завіткамі на шыю і вушы. Спачатку яна дзічылася мяне; але Гагін сказаў ёй:

— Ася, досыць ёжыцца! ён не кусаецца.

Яна ўсміхнулася і, крыху пачакаўшы, сама ўжо загаварвала са мною. Я не бачыў істоты, больш жвавай. Ніводнага моманту яна не сядзела смірна; уставала, убягала ў дом і прыбягала зноў, напявала ўпоўголаса, часта смяялася і дзіўным чынам не з таго, што чула, а з розных думак, што прыходзілі ёй у галаву. Яе вялікія вочы глядзелі прама, светла, смела, але іншы раз павекі яе злёгку жмурыліся, і тады позірк яе раптам станавіўся глыбокім і пяшчотным.

Мы размаўлялі гадзіны дзве. Дзень даўно пагас, і вечар, перш увесь агністы, пасля ясны і пунсовы, пасля бледны і смуглы, ціха таяў і пераліваўся ў ноч, а гутарка наша ўсё прадаўжалася, мірная і спакойная, як паветра, што акружала нас. Гагін загадаў прынесці бутэльку рэйнвейна; мы яе выпілі, не спяшаючыся. Музыка, па-ранейшаму, далятала да нас; гукі яе здаваліся саладзей і далікатней; агні запальваліся ў горадзе і над ракою. Ася раптам апусціла галаву, так што кудры яе на вочы з’ехалі, змоўкла і ўздыхнула, а пасля сказала нам, што хоча спаць, і пайшла ў дом; я, аднак, бачыў, як яна, не запальваючы свечкі, доўга стаяла за неадчыненым акном. Нарэшце, месяц узышоў і заіграў па Рэйну: усё асвяцілася, пацямнела, змянілася, нават віно ў нашых гранёных шклянках заблішчэла таямнічым бляскам. Вецер сціх, нібы крыллі склаў і замёр; начной, пахучай цёплынёй павеяла ад зямлі.

— Пара! — усклікнуў я: — а то, бадай, перавозчыка не знойдзеш.

— Пара, — паўтарыў Гагін.