Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Мы пайшлі ўніз па сцежцы. Каменні раптам пасыпаліся за намі: гэта Ася нас даганяла.

— Хіба ты не спіш? — запытаўся ў яе брат, але яна, не адказаўшы яму ні слова, прабегла міма. Апошнія дагараючыя плошкі, запаленыя студэнтамі ў садзе гасцініцы, асвятлялі знізу лісці дрэў, што надавала ім святочны і фантастычны выгляд. Мы знайшлі Асю ля берага: яна размаўляла з перавозчыкам. Я саскочыў у лодку і развітаўся са сваімі новымі сябрамі. Гагін абяцаў наведаць мяне ў наступны дзень; я паціснуў яго руку і працягнуў сваю Асі, але яна толькі паглядзела на мяне і паківала галавой. Лодка адчаліла і паімчалася па быстрай рацэ. Перавозчык, бадзёры стары, з напружаннем апускаў вёслы ў цёмную ваду.

— Вы ў месячны слуп уехалі, вы яго разбілі, — закрычала мне Ася.

Я апусціў вочы: вакол лодкі, чарнеючы, калыхаліся хвалі.

— Бывайце! — зноў пачуўся яе голас.

— Да заўтра, — прагаварыў пасля яе Гагін.

Лодка прычаліла. Я вышаў і азірнуўся. Нікога ўжо не было відаць на супроцьлеглым беразе. Месячны слуп зноў цягнуўся залатым мастом цераз усю раку. Нібы на развітанне даляцелі гукі старадаўняга ланераўскага вальса. Гагін праўду казаў: я адчуў, што ўсе струны сэрца майго задрыжэлі ў адказ на тыя ліслівыя напевы. Я пайшоў дадому цераз пацямнеўшыя палі, павольна ўдыхаючы пахучае паветра, і прышоў ў свой пакойчык увесь распешчаны салодкім тамленнем беспрадметных і бясконцых чаканняў. Я адчуваў сябе шчаслівым… Але ад чаго я быў шчаслівы? Я нічога не хацеў, я ні аб чым не думаў… Я быў шчаслівы.

Ледзь не смеючыся ад мноства прыемных і ігрывых пачуццяў, я кінуўся на пасцель і ўжо заплюшчыў было вочы, як раптам мне прышло ў галаву, што на працягу вечара я ні разу не ўспомніў аб сваёй жорсткай красуні… «Што-ж гэта азначае? — запытаўся я ў самога сябе: — хіба я не закаханы? Але, задаўшы сабе гэта пытанне, я, здаецца, адразу-ж заснуў, як дзіця ў калысцы.

III

У наступную раніцу (я ўжо прачнуўся, але яшчэ не ўставаў) стук кія пачуўся ў мяне пад акном, і голас, у якім я адразу-ж пазнаў голас Гагіна, заспяваў:

„Ты спишь ли? Гитарой
Тебя разбужу…“