Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/97

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Я паспяшаўся адчыніць яму дзверы.

— Добры дзень, — сказаў Гагін, уваходзячы: — я вас раненька патрывожыў, але паглядзіце, якая раніца. Свежасць, раса, жаўранкі спяваюць…

Са сваімі кучаравымі бліскучымі валасамі, адкрытай шыяй і ружовымі шчокамі, ён сам быў свежы, як раніца.

Я апрануўся; мы вышлі ў садок, селі на лавачку, загадалі падаць сабе кофе і пачалі гутарыць. Гагін расказаў мне пра свае планы на будучае: уладаючы вялікім багаццем і ні ад каго не залежачы, ён хацеў прысвяціць сябе жывапісу, і толькі шкадаваў аб тым, што позна спахапіўся за розум і шмат часу страціў дарэмна; я таксама напомніў аб сваіх меркаваннях, ды, дарэчы, паверыў яму тайну майго нешчаслівага кахання. Ён выслухаў мяне спагадліва, але, колькі я мог заўважыць, моцнага спачування да маёй страсці я ў ім не абудзіў. Уздыхнуўшы ўслед за мной разы са два, з далікатнасці, Гагін прапанаваў мне пайсці да яго, паглядзець яго эцюды. Я адразу згадзіўся.

Мы не засталі Асю. Яна, паводле слоў гаспадыні, пайшла на «руіны». Вярсты за дзве ад гарадка Л. знаходзіліся рэшткі феадальнага замка. Гагін раскрыў мне ўсе свае картоны. У яго эцюдах было многа жыцця і праўды, штосьці свабоднае і шырокае; але ніводзін з іх не быў скончаны, і рысунак паказаўся мне неахайным і няправільным. Я адкрыта выказаў яму сваю думку.

— Так, так, — падхапіў ён уздыхнуўшы: — вы маеце рацыю, усё гэта вёльмі дрэнна і няспела, што-ж рабіць! Не вучыўся я, як след, ды і праклятая славянская распушчанасць бярэ сваё. Пакуль марыш аб рабоце, дык і лятаеш арлом; зямлю, здаецца, зрушыў-бы з месца — а пры выкананні адразу-ж слабееш і стамляешся.

Я пачаў падбадзёрваць яго, але ён махнуў рукой і, сабраўшы картоніны на бярэма, кінуў іх на канапу.

— Калі хопіць цярпення, з мяне выйдзе што-небудзь, — сказаў ён праз зубы, — не хопіць, застануся недараслем з дваран. Пойдзем лепш Асю шукаць.

Мы пайшлі.

IV

Дарога да руін вілася па схілу вузкай, лясістай даліны; на дне яе бег ручай і шумна кідаўся цераз каменні, нібы спяшаючыся зліцца з вялікай ракой, што спакойна блішчэла за цёмнаю гранню крута рассечаных горных хрыбтоў. Гагін