Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

звярнуў маю ўвагу на некаторыя шчасліва асветленыя месцы, у словах яго адчуваўся, калі не жывапісец, то ўжо напэўна мастак. Хутка паказаліся руіны. На самай вяршыні голай скалы ўзвышалася чатырохвугольная вежа, уся чорная, яшчэ моцная, але нібы рассечаная ўздоўжнай расколінай. Імшыстыя сцены далучаліся да вежы; сям-там ляпіўся павой; пакрыўленыя дрэўцы звешваліся з сівых байніц і абваліўшыхся скляпенняў. Камяністая сцежка вяла да ўцалеўшых варот. Мы падыходзілі ўжо да іх, як раптам наперадзе ў нас прамільгнула жаночая постаць, хутка перабегла па кучы абломкаў і села на ўступе сцяны, проста над прорвай.

— Ды гэта-ж Ася! — усклікнуў Гагін: — якая вар’ятка!

Мы ўвайшлі ў вароты і апынуліся на невялікім дворыку, да палавіны заросшым дзікімі яблынямі і крапівой. На ўступе сядзела, сапраўды, Ася. Яна павярнулася да нас тварам і засмяялася, але не кранулася з месца. Гагін пагразіў ёй пальцам, а я голасна ўпікнуў яе ў неасцярожнасці.

— Ды што вы, — сказаў мне шэптам Гагін: — не дражніце яе; вы яе не ведаеце, бадай яшчэ на вежу ўзбярэцца. А вось, вы лепш падзівіцеся кемлівасці тутэйшых жыхароў.

Я азірнуўся. У кутку, змясціўшыся ў маленькім драўляным балаганчыку, старэнькая жанчына вязала панчоху і касілася на нас праз акуляры. Яна прадавала турыстам піва, пернікі і зельтэрскую ваду. Мы ўселіся на лавачцы і пачалі піць з цяжкіх валавяных конавак досыць халоднае піва. Ася прадаўжала сядзець нерухома, падабраўшы пад сябе ногі і захутаўшы галаву кісейным шарфам; стройны твар яе выразна і прыгожа вырысоўваўся на ясным небе; але я з непрыязным пачуццём паглядаў на яе. Ужо ўчора заўважыў я ў ёй штосьці напружанае, не зусім натуральнае… «Яна хоча здзівіць нас», — думаў я: — «навошта гэта? Што за дзіцячы выбрык?» Нібы адгадаўшы мае думкі, яна раптам кінула на мяне быстры і наскрозь прабіваючы позірк, засмяялася зноў, у два прыжкі саскочыла са сцяны і, падышоўшы да старэнькай, папрасіла ў яе шклянку вады.

— Ты думаеш я хачу піць? — прагаварыла яна, звярнуўшыся да брата: — не, тут ёсць кветкі на сценах, якія абавязкова паліць трэба.

Гагін нічога не адказаў ёй; яна, са шклянкай у руцэ, пачала карабкацца па руінах, зрэдку спыняючыся, нахіляючыся і з забаўнай важнасцю раняючы некалькі кропель вады, якія ярка блішчэлі на сонцы. Яе рукі былі вельмі мілыя, але мне, паранейшаму, было прыкра, хоць