Старонка:Домбі і сын.pdf/548

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сябе надта няшчаснай. Мне заўсёды, заўсёды прыемна вас бачыць!

— Міс Домбі, — сказаў містэр Тутс, дастаючы насавую хустачку, — калі я праліваю цяпер слёзы, то гэта слёзы радасці. Гэта не мае ніякага значэння, і я вам вельмі дзякую. Дазвольце сказаць, што, пасля вашых ласкавых слоў, я не маю намеру больш грэбаваць сваёй асобай.

Фларэнс выслухала гэта паведамленне з чароўным здзіўленнем.

— Вось што я маю на ўвазе, — сказаў містэр Тутс: — як чалавек, які жыве з падобнымі да сябе, я буду лічыць сваім абавязкам, пакуль мяне не прызаве маўклівая магіла, клапаціцца аб сваім знешнім выглядзе і… насіць добра вычышчаныя чаравікі, паколькі… паколькі гэта дазваляюць абставіны. Я адчуваю, што цяпер я мог-бы найлепшым чынам выказаць свае пачуцці, калі-б… калі-б толькі ведаў, з чаго пачаць.

Пачакаўшы хвілінку, ці не пойдзе на натхненне, і, як відаць, пацярпеўшы няўдачу, містэр Тутс паспяшаўся развітацца і спусціцца ўніз да капітана, якога знайшоў у краме.

— Капітан Джылс, — звярнуўся да яго містэр Тутс, — мне здаецца, міс Домбі ў хуткім часе выходзіць замуж за лейтэнанта Уолтэрса?

— Правільна, прыяцель. Мы тут усе таварышы па плаванню… Уольр і Радасць Сэрца возьмуць шлюб, як толькі будзе скончана з агалашэннем, — шапнуў яму на вуха капітан Катль.

— З агалашэннем, капітан Джылс! — паўтарыў містэр Тутс.

— Вунь там, у той царкве, — сказаў капітан, паказваючы вялікім пальцам цераз плячо.

— Ах! Так! — адазваўся містэр Тутс.

— А што пасля будзе? — хрыплым шэптам прадаўжаў капітан, пахлопаўшы містэра Тутса па грудзях, адступіўшыся на крок і паглядаючы на яго з узрушальнай фізіяноміяй. — Пасля гэта мілае стварэнне, выпеставанае, як заморская птушка, адплыве разам з Уолтэрам у Кітай па хвалях бурлівага акіяна.

— Ах, божа мой, капітан Джылс! — сказаў містэр Тутс.

— Так! — кіўнуў галавой капітан. — Карабль, які яго падабраў, калі ён пацярпеў крушэнне ў часе ўрагана, і ў сваю чаргу аднесены гэтым ураганам у бок ад свайго курса, быў гандлёвым судном, што ішло ў Кітай, і Уольр на ім паплыў і заслужыў прыхільнасць да сябе як на барту, так і на сухазем'і, бо ён на дзіва растаропны і слаўны хлапец. І таму, што суперкарго[1] памёр у Кантоне (ён і раней служыў клеркам), а цяпер ён прызначаны суперкарго на другое судно, што належыць тым самым гаспадарам. І вось, як бачыце, — задуменна паў-

  1. Суперкарго — служачы на гандлёвых суднах, які загадвае перавозкай грузаў.