Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/105

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

доўга паглядзеў свайму прыяцелю ў твар і тут-жа перадаў яму ўсю сваю размову з Рудзіным, ад слова да слова. Ён ніколі да таго часу і не нагадваў Лежнёву пра свае пачуцці да Натальі, хаця і здагадваўся, што яны ад яго не былі захаваны.

— Ну, брат, здзівіў ты мяне, — праказаў Лежнёў, як толькі Валынцэў скончыў свой расказ. — Шмат дзівацтваў чакаў я ад яго, але ўжо гэта... Аднак, я пазнаю яго і тут.

— Падумай! — гаварыў усхваляваны Валынцэў: — гэта-ж проста нахабнасць! Я-ж ледзь-ледзь яго за акно не выштурхнуў! Пахвастацца, ці што ён хацеў перада мною, альбо спалохаўся? Але з якой рацыі? Як адважыцца ехаць да чалавека...

Валынцэў закінуў рукі за галаву і змоўк.

— Не, брат, гэта не тое, — спакойна адказаў Лежнеў. — Ты вось, мне не паверыш, але-ж ён гэта зрабіў з добрымі намерамі. Праўда.. Яно, бачыш ты, і благародна, і шчыра, ну, ды і паразмаўляць знаходзіцца выпадак, красамоўства ў ход пусціць; а нам-жа вось чаго трэба, вось без чаго мы жыць не ў сілах... Ох, язык яго — вораг яго... Ну, але-ж ён і слуга яму.

— З якой урачыстасцю ён увайшоў і гаварыў, ты сабе ўявіць можаш!..

— Ну, ды без гэтага ўжо не можна. Ён сурдут зашпільвае, нібы свой ганаровы доўг выконвае. Я-б пасадзіў яго на бязлюдны востраў і паглядзеў-бы з-за вугла, як-бы ён там распараджацца пачаў. А ўсё размаўляе аб простасці!

— Ды скажы мне, брат, на ўсё святое, — спытаў Валынцэў: — што гэта такое: філасофія, ці што?

— Як табе сказаць? З аднаго боку, мабыць, гэта сапраўды філасофія — а з другога ўжо гэта