Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/303

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ні на каго не сварыўшыся, усім саступаючы. Калі хто нагрубіць ёй — яна толькі паклоніцца і падзякуе за навучанне. Барыня даўно ёй даравала, і няміласць зняла з яе, і з сваёй галавы чапец падаравала; але яна сама не захацела зняць сваю хустку і ўсё хадзіла ў цёмным адзенні; а пасля смерці барыні яна зрабілася яшчэ цішэй і ніжэй. Рускі чалавек баіцца і прывязваецца лёгка, але пашану яго заслужыць цяжка; даецца яна не хутка і не кожнаму. Агату ўсе ў доме вельмі паважалі; ніхто і не ўспамінаў аб мінулым грахах, нібы іх разам са старым панам у зямлю пахавалі.

Зрабіўшыся мужам Мар‘і Дзімітраўны, Каліцін хацеў-быў даручыць Агаце хатнюю гаспадарку; але яна адмовілася „баючыся спакусы“; ён закрычаў на яе, яна нізка пакланілася і вышла вон. Разумны Каліцін разумеў людзей: ён і Агату зразумеў і не забыўся на яе. Перасяліўшыся ў горад, ён, з яе згоды, прыставіў яе ў якасці нянькі да Лізы, якой толькі што пайшоў пяты год.

Лізу спачатку спалохаў сур‘ёзны і строгі твар новай нянькі, але яна неўзабаве звыклася з ёю і моцна яе палюбіла. Яна сама была сур‘ёзнае дзіця; рысы яе нагадвалі рэзкае і правільнае аблічча Каліціна; толькі вочы ў яе былі не бацькавы, яны свяціліся ціхай увагай і дабратой, што рэдка ў дзецях. Яна ў лялькі не любіла гуляць. Смяялася не гучна і не доўга, трымалася прыстойна. Яна задумвалася не часта, але амаль заўсёды нездарма; памаўчаўшы крыху, яна звычайна канчала тым, што зварочвалася да каго-небудзь старэйшага з запытаннем, якое паказвала, што галава яе работала над новым уражаннем. Яна вельмі хутка перастала шапялявіць і ўжо на чацвертым годзе гаварыла зусім чыста. Бацькі яна баялася, пачуццё яе да мацеры было невыразнае, —