Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/304

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яна не баялася яе і не ласцілася да яе; аднак, яна і да Агаты не ласцілася, хаця толькі яе адну і любіла. Агата з ёй не разлучалася. Дзіўна было бачыць іх удвух. Бывала, Агата, уся ў чорным, з цёмнай хусткай на галаве, з схудалым, як воск празрыстым, але ўсё яшчэ прыгожым і выразным тварам, сядзіць проста і вяжа панчоху; каля ног яе, на маленькім крэсліцы, сядзіць Ліза і таксама стараецца над якой-небудзь работай, альбо важна ўзняўшы светлыя вочкі, слухае, што расказвае ёй Агата; а Агата расказвае ёй не казкі: мерным і роўным голасам расказвае яна жыццё прачыстай дзевы, жыццё пустэльнікаў, угоднікаў боскіх, святых мучаніц, гаворыць яна Лізе, як жылі святыя ў пустынях, як ратаваліся, голад цярпелі і галечу, — і цароў не баяліся, хрыста спавядалі; як ім птахі нябесныя корм насілі, і звяры іх слухаліся; як на тых месцах, дзе кроў іх падала, кветкі выросталі. — „Жоўтафіёлі?“ спытала аднойчы Ліза, якая вельмі любіла кветкі… Агата гаварыла з Лізай паважна і смірэнна, нібы яна сама адчувала, што не ёй-бы вымаўляць такія высокія і святыя словы. Ліза яе слухала — і вобраз усюды існуючага, усё ведаючага бога з нейкай салодкай сілай усяляўся ў яе душу, напаўняў яе чыстым, пакорлівым страхам, а хрыстос рабіўся ёй нечым, блізкім, знаёмым, амаль не родным. Агата і маліцца яе навучыла. Часам яна абуджвала Лізу рана на золку, спешна яе адзявала і выходзіла цішком да заутрані; Ліза ішла за ёй на цыпачках, ледзь дыхаючы; холад і поўзмрок раніцы, свежасць і пустэча царквы, самая таемнасць гэтых нечаканых адлучак, асцярожнае зварачэнне ў дом, у пасцельку, — уся гэта сумесь забароненага, дзіўнага, святога, узрушвала дзяўчынку, пранікла ў самую глыбіню яе істоты. Агата ніколі нікога не асуджвала і на Лізу не сварылася