Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

удала. У апісаннях яго не хапала фарбаў. Ён не ўмеў смяшыць. Прынамсі, Рудзін ад расказаў пра свае замежныя прыгоды неўзабаве перайшоў да агульных разважанняў аб значэнні асветы і навукі, аб універсітэтах і жыцці універсітэцкім наогул. Шырокімі і смелымі рысамі накідаў ён аграмадную карціну. Усе слухалі яго з глыбокаю ўвагай. Ён гаварыў па-майстэрску, захапляюча, не зусім выразна... але самая гэта невыразнасць надавала асаблівае хараство яго размовам.

Багацце думак перашкаджала Рудзіну выказвацца пэўна і дакладна. Вобразы змяняліся вобразамі; параўнанні, і нечакана смелыя, і на дзіва правільныя, узнікалі за параўнаннямі. Не самазадаволенай тонкасцю спрактыкаванага гаваруна — натхненнем дыхала яго нецярплівая імправізацыя. Ён не шукаў слоў: яны самі паслухмяна і павольна прыходзілі да яго на вусны, і кожнае слова, здавалася, так і лілося проста з душы, палала пераконаннем. Рудзін уладаў амаль што вышэйшай тайнай — музыкай красамоўства. Ён умеў, закранаючы адны струны сэрца, прымушаць смутна звінець і дрыжаць усе іншыя. Часам слухач, мабыць, і не разумеў у дакладнасці, пра што ішла размова; але грудзі яго высока ўздымаліся, якіясьці заслоны адчыняліся перад яго вачыма, штосьці прамяністае запальвалася наперадзе.

Усе думкі Рудзіна здаваліся накіраванымі ў будучыню; гэта надавала ім нешта імклівае і маладое... Стоячы ля акна, не гледзячы ні на кога асабліва, ён гаварыў і, натхнены агульным спачуваннем і ўвагай, блізкасцю маладых жанчын, хараством ночы, захоплены патокам уласных пачуццяў, ён узвысіўся да красамоўства, да паэзіі... Самы гук яго голаса, задумлёны і ціхі, павялічваў зачараванне; здавалася, яго вуснамі гаварыла