Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск III.pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
Дзіця рая.

Схінуўшысь[1] да крыжа, стаяла ў цішы
Дзіця недасьціглага рая,
Бо як-бы у чарах трымала яе[2]
Прыгожая песьня зямная.
Нядаўна зусім ад вясеньняй зямлі
На неба яна паляцела,
Сарваная кветка[3] жыцьця без пары
Завянуць яшчэ не пасьпела...
І быццам у вопраткі ночных цяней
Душа была гэта адзета:
Дзесь плакаў арган... неяк раптам заціх —
Занік сумны кант[4] недапеты...
Анёлы[5] чыталі гэрогліфы[6] зор
І хвілі апошняй разгадку,
Анёлы ад нізкай зямлі да нябёс
Праводзілі дзіўную кладку...
Ўвакруг была ноч; яе цемра жыла,
Жыла яе ціхасьць нямая;
Сон сном астаецца, — ганебна і ён,
Як раніцай цень, прападае...
Здаецца, ўжо шмат чаго знае душа,
Здаецца, ёй ўсё зразумела,
Ды мара,[7] што сэрцу казала свой сказ,
Ня кончыла і... анямела.
. . . . . . . . . . . . . . .
Цяпер яшчэ большая мука жыве
Ў душы песьняра маладога,
Бо тайны магільнай раскрыць ён ня мог —
У замчышчы царства зямнога...

Вавілон[8].

І моліцца народ і шчыра неба хваліць,
І дудкі і званкі аж глушаць Вавілон.
У золаце жрацы[9]. Агні сьвятыя паляць
І зьвязаных ахвар нясецца плач і стогн...
Гарачаю крывёй апырсківаюць хорам;
Набожны жрэц каштуе кроў, бы смачны мёд...
Ён падыймае твар к далёкім сьветлым зорам
І пачынае хутка дзікі карагод.
Як музыка, той плач вялікай страшнай болі...
Канаючых ахвяр прыемны кожны рух.
"О, болей стогнаў, мукі... крыві йшчэ болей... болей!
Хай есьць сьвяты агон! Хай есьць галодны дух!

  1. а) Прыхіліўшыся.
  2. б) Як відно — аўтар адносіць "дзіця" да жаночага роду.
  3. в) Лепей — краска.
  4. г) Лац. — песьня.
  5. д) Полён. — ангелы.
  6. е) Гэрогліфы — пісьмо у старым Эгіпце. Складалася з малюнкаў і знакоў.
  7. ж) Пабел. — лятунак.
  8. з) Ужываецца і — Бабілён; гэта яшчэ ня ўсталена.
  9. і) Ужываецца яшчэ — сьвятары