Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/242

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПРАНЦІСЬ

(глянуўшы на Паўлінку і Адольфа)

А гэта што такія, собственно, за выкрутасы, як у цырку ці ў сумашэдшым доме?

АДЗІН З ГАСЬЦЕЙ

Гэта, пан Быкоўскі навучае панну Паўлінку навамодных танцаў. (ПРАНЦІСЬ і АГАТА распранаюцца).

ПРАНЦІСЬ

Можна, можна далей круціцца, як у хваробе сьвятога Лявэнтага. Далей, далей! Раз, два, тры, вось-цо-да!

АДОЛЬФ

(далей паказваючы Паўлінцы)

Вось як, вось так! То направа, то налева. Раз, два, тры! То туды, то сюды, ножка ў ножку, раз, два тры!

ПАЎЛІНКА

(вырываючыся)

Не, такі нічога ня выйдзе. Ня кемкая я да навукі.

АДОЛЬФ

(садзячы Паўлінку)

Гэта толькі трудна першы раз, а пасьля пойдзе ўсё гладка, як пугай высмаліць! (Ходзіць па хаце, махаючы каля твару хустачкай. ПРАНЦІСЬ, АГАТА і СЬЦЯПАН садзяцца за стол; АЛЬЖБЕТА падае ім гарбату).

ПРАНЦІСЬ

(закурваючы люльку са Сьцяпанам)

Собственно, пане дабрудзею, кабыла заблудзіла і праз тое трохі спазьніліся. Але гэта глупства, глупства! Яшчэ парой будзе, вось-цо-да.

АГАТА

Якое чорта заблудзіла! Пакуль аб‘ехаў, тудэма-сюдэма, усю ваколіцу, як пагарэлец, дык і поўнач чуць не агарнула. Тудэма-сюдэма, усё гары тэй сабе шукаў.

ПРАНЦІСЬ

Ты, баба, собственно, маўчы, вось-цо-да! Ты нічога ніколі ня кеміш, а я маю розум спрытны. Я, пане дабрудзею, Барна-