Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/243

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

шоў, дзе пайшоў, там і прайшоў. (Да гасьцей). А вы, маладзічкі, не зважайце, вось-цо-да, ды танцуйце, пане дабрудзею, пакуль казінец ня ўбіўся ў ногі.

ПАЎЛІНКА

А праўду дзядзька кажа. Будзема гуляць, нашто дарма час марнаваць! (Да МУЗЫКАЎ). Зайграйце, калі ласка, польку, але такую, як ведаеце… каб аж сьвет хадыром пайшоў!

(МУЗЫКІ іграюць польку; усе, апрача старых, танцуюць: АДОЛЬФ з ПАЎЛІНКАЙ, другія госьці — хто з кім. За сталом ПРАНЦІСЬ са СЬЦЯПАНАМ частуюцца гарэлкай з пляшкі, якую першы прынёс з сабою).

АДОЛЬФ

(танцуючы, прыпявае)

Танцовала рыба з ракем,
А пятрушка з пастарнакем,
А цыбуля дзівавала,
Цо пятрушка танцавала.

ПАЎЛІНКА

(адпяваючы)

А на печы, на лучыне,
Дзеўкі грошы палічылі;
Налічылі паўталера,
Дый купілі кавалера.

АДОЛЬФ

Дзяўчынэчка суха, бляда,
Я да цебе ў госьці яда,
І конікоў не жалую,
Ўшыстку ночку машырую.

ПАЎЛІНКА

У гародзе ячмень родзіць,
А да мяне Якім ходзіць.
Радзі, радзі, ячмень, гусьцей, —
Хадзі, хадзі, Якім, часьцей!

АДОЛЬФ

Сядзіць голуб на галіне,
Салавей на ветке;