Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

жывот) кішка з кішкой у такія між сабой кулачкі йдуць, што хоць ты вурадніка кліч разбараняць іх! (Садзіцца і грэецца). А-та-та! Як цёпленька! Страшэнна ня люблю сьцюжы! Так, здаецца, на гэты час закапаўся-б дзе ў бярлог, як мядзьведзь, і праспаў-бы да самае вясны, бяда толькі, што на скуры мядзьведжая шэрсьць ня вырасла!.. Мамка, чаму я не мядзьведзь?

МАРЫЛЯ

Бо ты дурненькая варона! Сам ня ведаеш, што чаўпеш.

ДАНІЛКА

Э-э! Каб я быў хоць варонай!.. Ужо-б даўно са сваёй скрыпачкай паляцеў адгэтуль куды-колечы ў цяплейшую хату, Але што з пустога ў парожняе пераліваць! Мо‘ я трохі і мядзьведзь і варона, але ўсё роўна толькі — Данілка: на льва ці на сакала трудна пры цяперашніх варунках выкіравацца. Скончу іскрыпачку — ужо нямнога засталося каля яе работы — і пачну сабе іграць. Каму — вясельле, каму — хрэсьбіны, а каму… Бяда толькі, што няможна іграць на хаўтурох, а то такога з „Лазара“ завёў-бы, што хоць упрысядкі Ядзі!

МАРЫЛЯ

Ну, і дагаварыўся! Ці-ж пад „Лазара“ ідуць у прысядкі?

ДАНІЛКА

А чаму-ж не пайсьці? Я сам першы пусьціўся-б. Мне калі музыка зайграе, дык і ў сярэдзіне ўсё йграе, а ногі так і чэшуцца да падскакваньня.

МАРЫЛЯ

У цябе ўсё нялюдзкае. Толькі-б і скакаў там, дзе іншыя плачуць.

ДАНІЛКА

Э! Бо скакаць ня ўмеюць, дык і плачуць; як мокрыя вароны, сноўдаюцца, або як блёкату аб‘еўшыся… Ну хоць-бы так, як наша Зоська.

МАРЫЛЯ

А што — Зоська? Дзе ты яе бачыў?